19 сакавіка 2023 г. – 70 гадоў з дня прэм’еры спектакля «Брэсцкая крэпасць» (1953) Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя ЛКСМБ
Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці савецкіх воінаў на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі драматург Канстанцін Лявонавіч Губарэвіч (1907–1987) у 1949 г. напісаў п’есу ў 3-х актах 8-мі карцінах «Цытадэль славы», якая распавядала аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 г. Гэта быў адзін з першых мастацкіх твораў аб героях-абаронцах крэпасці. П’еса была пастаўлена рэжысёрам Канстанцінам Мікалаевічам Саннікавым у Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы. Прэм’ера – 4 кастрычніка 1950 г. Аднак спектакль аказаўся незаўважаны крытыкамі і гледачамі, праз некалькі прадстаўленняў зняты з рэпертуару.
18 верасня 2023 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Леаніда Паўлавіча Валчэцкага (1913–1991), акцёра, тэатральнага дзеяча, заслужанага дзеяча культуры БССР (1963)
Леанід Паўлавіч Валчэцкі нарадзіўся 18 верасня 1913 г. у в. Даўгінава Вілейскага павета Мінскай губерні (цяпер Вілейскага раёна Мінскай вобласці). Скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум (1931), паступіў на работу ў Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2) у Віцебску. Скончыў тэатральную студыю пры гэтым тэатры (1933).
Сярод ранніх роляў Леаніда Валчэцкага самай яркай была роля Керубіна ў «Жаніцьбе Фігара» паводле Бамаршэ – спектакль рэжысёраў П. Антакольскага і М. Міцкевіча 1933 г. Удзельніўчаў у пастаноўках «Недарэчнасць» (К. Фіна), «Гібель эскадры» (А. Карнейчука) і інш. Малады акцёр упарта займаўся самаадукацыяй, цікавіўся арганізацыяй тэатральнай справы. Яму мроілася ў тэатры пэўная свабода для праўдзівага паказу жывога чалавека, з яго памылкамі і забабонамі, з яго адданасцю высокім ідэалам і маральнай чысцінёй.
25 снежня 2017 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Таццяны Піліпаўны Заранок (1917–2007), драматычнай актрысы, народнай артысткі БССР (1967)
Таццяна Піліпаўна Заранок нарадзілася 25 снежня 1917 года на ст. Васілевічы Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер горад Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і чыгуначніка. З 1930 года вучылася на драматычных курсах у Мінску, дзе выкладчыкам быў Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, які раскрыў талент юнай артысткі. Пасля заканчэння курсаў у 1931 годзе была накіравана ў Віцебск у Беларускі другі дзяржаўны тэатр, дзе працавала і вучылася. У 1933 годзе скончыла студыю БДТ-2, педагогамі былі М. А. Міцкевіч, А. К. Ільінскі.